РУС БЕЛ ENG

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

26.02.2024

   Тыдзень беларускай мовы i лiтаратуры праходзiў у адпаведнасцi з планам, якi быў узгоднены з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце – Якуш Ларысай Іосіфаўнай і зацверджаны дырэктарам школы – Нарбутам Сяргеем Леанідавічам.

   На падрыхтоўчым этапе было азначана кола мерапрыемстваў, а таксама прызначаны настаўнікі i вучні, адказныя за iх арганiзацыю i правядзенне.

   Трэба адзначыць, што для правядзення Тыдня была распрацавана праграма правядзення мерапрыемстваў, якая была размешчана ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Таму ўсе жадаючыя маглі наведаць тыя мерапрыемствы, якія палічылі для сябе больш змястоўнымі.

Усё, што было запланавана ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры, здзейснілася, прайшло своечасова, планава і арганізавана.

Асноўныя мерапрыемствы пачаліся з панядзелка. Панядзелак хоць і цяжкі, але насычаны мерапрыемствамі дзень. Па традыцыі адкрыццё пачалося  са знаёмства з планам мерапрыемстваў. Працягам дня стала правядзенне акцыі “Гаворым па-беларуску”, а таксама складанне слоўніка беларускай мовы “Апранаемся па-беларуску”, “Ветлівыя словы”, “Беларуская народная кухня”.   Гэтыя мерапрыемствы мелі на мэце актывізацыю нацыянальнай самасвядомасці кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.

Аўторак запомніўся вучням не менш. З мэтай знаёмства з літаратурай і культурай беларускага народа для вучняў 8 класа арганізаваны прагляд фільма па творы Васіля Быкава «Жураўліны крык».  Прагляд кінастужкі даў магчымасць навучэнцам пазнаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры праходзіў марафон “Мова родная - мова модная”, дзе вучні мелі магчымачць спяваць беларускія песні. Нельга было ўтрымацца і не кінуцца ў скокі падчас музычных перапынкаў “Цяпло роднага слова”. Андрасюк В.І. паміж 5-мі класамі првяла віктарыну “З родным словам па жыцці”. Таксама ішла падрыхтоўка да выдання паэтычнага зборніка «Дэбют-2024».

Наступны дзень Тыдня распачаўся Рэспубліканскім дыктантам, які быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Вучні 9-11 класаў пісалі дыктант. Адказным за правядзенне дыктанта была Андрасюк Вольга Іваноаўна. Для вучняў 3-4 класаў арганізаваны прагляд  мультыплікацыйных фільмаў. На грамадскі агляд у школе былі прадстаўлены вырабы беларускіх мясцовых майстроў “І тчэ, забыўшыся, рука…” На выставе можна было ўбачыць традыцыйныя ручнікі, сурвэткі і покрыўкі, які некаторыя з нас памятаюць з самога дзяцінства, калі былі на вёсцы ў бабулі. Стылізаваныя арнаменты ды ўзоры – гэта вельмі карпатлівая і складаная праца, якая нікога не пакінула абыякавым. З мэтай  абагульнення ведаў, набытых падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры, удасканалення навыкаў групавой работы, развіцця творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму, выхаванню любві да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа Андрасюк В.І. сярод вучняў 4-х класаў правяла  конкурс “Знаўцы роднага слова”.

Насычаным на розныя мерапрыемствы быў і чацвер. Сапраўдная інтэлектуальная барацьба адчувалася на мерапрыемстве, арганізаваным для 6-7 класаў. Віктарына “Вечна жывая родная мова” праходзіла ў некалькі этапаў. Пры выкананні асобных заданняў вучні праявілі кемлівасць і знаходлівасць. Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы вучняў. У гульнявой форме вучні паказалі веды раздзелаў мовазнаўства, значэнняў слоў. Школьнікі ўбачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова. Галоўнай мэтай мерапрыемства было пашырэнне ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, выхаванне пачуцця гонару і павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры. З мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання вучняў праз іх далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, прыцягненне больш пільнай увагі творчай моладзі праз сродкі візуальнага мастацтва да творчасці беларускіх паэтаў і празаікаў, да роднага краю, развіццё дзіцячай творчасці ў галіне выяўленчага мастацтва, выяўленне і падтрымка юных талентаў працавала выстава “Пад сінім небам”. З мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння беларускай мовы, літаратуры і мовазнаўства ў рамках Тыдня праведзены конкурс па беларускай мове "Буслік-2024".

З мэтай выхавання грамадзянскіх і патрыятычных якасцей вучняў праз уключэнне іх у сумесную дзейнасць, накіраваную на ўшанаванне асноў беларускай дзяржаўнасці, у апошні дзень Тыдня настаўнікі беларускай мовы і літаратуры разам з вучнямі правялі пасяджэнне ў форме круглага  стала па пытаннях развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Гастранамічны фэст “Беларуская кухня” дазволіў вучням далучыцца да беларускіх народных традыцый, пазнаёміцца з беларускімі стравамі, іх прыгатаваннем.

Фінальным акордам правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры стала ўзнагароджванне Граматамі самых актыўных удзельнікаў конкурсаў і мерапрыемстваў.