РУС БЕЛ ENG

Дзень беларускага пісьменства

03.09.2018

   Хутка прайшло лета, скончыліся канікулы. І зноў – Дзень ведаў – самы ўрачысты і хвалюючы дзень у новым навучальным годзе.

   Святочныя мерапрыемствы ў нас прадоўжыліся і 2 верасня. Вучні нашай школы наведалі г. Іванава, дзе прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Навучэнцы прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці, прысвечаным 595-годдзю г. Іванава, XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Запамінальным для школьнікаў стала таксама і адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Ветліва сустрэў вучняў і гарадскі парк, дзе на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылося адкрыццё свята. Гасцінна запрашала да сябе дзяцей і дарослых Плошча Кастрычніка, дзе праходзіў Фестываль кнігі і прэсы. Школьнікі наведалі кніжныя выставачныя павільёны, прэзентацыі кніг, сустрэліся з беларускімі літаратарамі, сталі гледачамі выступленняў мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў. На працягу ўсяго свята нашы дзеці змаглі пазнаёміцца з работай народных майстроў, паўдзельнічаць у майстар-класах і набыць унікальныя вырабы.

Цібец І.С.,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

класны кіраўнік